Адкрываецца этнаграфічны музей. Камуніст Палесся №190 (10286) 5 снежня 1989 года

 Адкрываецца этнаграфічны музей.


Не першы год у сярэдняй школе № 2 г. Мазыра вядзецца работа па стварэнню этнаграфічнага музея. У гэтай справе ўдзельнічаюць як педагогі, так і вучні. I вось хутка фініш іх трохгадовых творчых пошукаў, натхнёнай працы. На другім паверсе школы ў спецыяльным памяшканні размешчаны шматлікія экспанаты. Тут можна ўбачыць кросны, верацёны, церніцы, ярмо вялікае і малое, снасці для лоўлі рыбы і іншыя прылады працы, якімі карысталіся нашы продкі. Радуюць вока сваей самабытнасцю і прыгажосцю андаракі, вышытыя кашулі, саматканыя паясы, іншае адзенне, у якое апраналіся некалі палешукі. Усе гэтыя рэчы натуральныя. Яны прывезены сюды з розных вёсак Мазырскага, Петрыкаўскага, Бабруйскага, Хойніцкага і іншых раёнаў.
I хаця афіцыйна музей адкрыецца толькі праз месяц, ужо зараз у ім праходзяць урокі па гісторыі БССР і беларускай літаратуры. А класныя кіраўнікі ў планах выхаваўчай работы загадзя прадугледзелі экскурсіі ў школьны музей. Лектарская і фальклорна-этнаграфічная групы школьнікаў рыхтуюць цікавую праграму да адкрыцця музея.