Жыхарка горада Мазыра (Гомельская вобласць), былая бібліятэкарка, а зараз пенсіянерка Ганна Булаш звярнулася ў Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі наконт капітальнага рамонту дома, аднак замест дапамогі атрымала адміністрацыйную справу па абвінавачванні ў паклёпе.
Спадарыня Ганна трыццаць шосты год жыве ў двухпакаёўцы цаглянага дзевяціпавярховіка, абліцаванага керамічнай пліткай, тэрмін эксплуатацыі якой, згодна будаўнічым стандартам, не перавышае 25 гадоў. І насамрэч — плітка пачала патроху абвальвацца і фасад будынку ўсё больш зеўраў бруднымі шэрымі плямамі аголенай рашчыны… Састарэлы дах таксама прасіў рамонту і ўцяплення… Чакаў добраўпарадкавання і заняпалы панадворак, які, згодна тым жа будаўнічым нормам, раз на кожныя 10 гадоў патрабуе абнаўлення…
Вось чаму Ганна Булаш разам са сваімі суседкамі ў 2008 годзе пачала абіваць парогі службовых кабінетаў, патрабуючы ад чыноўніцтва капітальнага рамонту дому і панадворка. Праз тры гады пасля пачатку сваіх хаджэнняў жыхары ўрэшце дабіліся пабелкі і афарбоўкі пад’езду, замены ліфтаў і пачатку рамонту даху. А яшчэ праз два гады замест аднаўлення абліцоўкі фасаду дому плямы аголенай рашчыны проста зараўнавалі цэментам і пафарбавалі дзевяціпавярховік у розныя колеры.
І хоць рамонт даху так і не быў завершаны, суседзі Ганны Булаш бачылі, як рабочыя ЖЭУ-1 Мазырскага райжылкамунгасу адвозілі ад дому на трактары 44 кіпы шкловаты, што прызначалася для ўцяплення даху і прадухілення прамярзання апошняга паверху будынку.
Вось чаму 11 жніўня Ганна Булаш па электроннай пошце накіравала ліст у Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі з просьбаў правесці праверку і распачаць крымінальную справу ў сувязі з крадзяжом дзяржаўнай маёмасці ў асабліва вялікім памеры. У адказе з Камітэту дзяржкантролю жанчыне паведамілі, што яе ліст пераадрасаваны для разбіральніцтва па месцы жыхарства заяўніцы.
Затым яна атрымала пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па крадзяжу дзяржмаёмасці за подпісам супрацоўніка Мазырскага РАУС Аляксандра Кошалева і пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні з боку пенсіянеркі, падпісаны малодшым сяржантам міліцыі Аляксандрам Пятровічам. Гэты пратакол стаў адказам на заяву начальніка ЖЭУ-1 Вячаслава Пашвенчука і майстра гэтага ўпраўлення Любові Мірашнічэнкі, якія прасілі міліцыю распачаць супраць Ганны Булаш адміністрацыйную справу за паклёп. Дарэчы, дагэтуль не вядома, адкуль у камунальшчыкаў апынуўся тэкст электроннага лісту грамадзянкі ў Камітэт дзяржкантролю.
Тым часам па Мазыры пайшлі пагалоскі, што суд па гэтай заяве будзе паказальным, каб адбіць ахвоту ў гараджанаў скардзіцца на мясцовае начальства.
Аднак 12 кастрычніка намесніца старшыні суду Мазырскага раёна па крымінальных і адміністрацыйных справах Элеанора Ярмоленка не задаволіла заяву камунальшчыкаў з-за адсутнасці ва ўчынку Ганны Булаш складу адміністрацыйнага правапарушэння.
У сваю чаргу, жанчына зноў напісала ліст у Камітэт дзяржкантролю з просьбай паспрыяць завяршэнню рамонту дома і адказаць на пытанне: якім чынам яе зварот, накіраваны ў сталіцу па электроннай пошце, трапіў да тых, на каго скардзілася грамадзянка.
Источник novychas.info