З прыходам да ўлады першага ўсенародна абранага прэзідэнта спрадвечны лад жыцця палешукоў быў парушаны: жыхарам Прыпяцкага запаведніка забаранілі хадзіць у лес па ягады і грыбы, плаваць па Прыпяці на чаўнах у красавіку і траўні, увялі шэраг абмежаванняў на рыбную лоўлю, а для іншагародніх наогул увялі плату за права пасядзець на рэчцы з вудою.
У мясцовых жыхароў гэтыя забароны выклікаюць шчырае абурэнне, бо сквапныя чыноўнікі пазбаўляюць іх права неяк выжываць з дапамогай ракі, а тое, што нельга ездзіць па рацэ ў весну, пазбаўляе іх магчымасці звязацца з вялікай зямлёй, выклікаць хуткую дапамогу. Жыхары в.Мардзвін сабраліся на сход каб абмеркаваць становішча, паставіць чарговы раз подпіс пад зваротам да чыноўнікаў.
Шматлікія звароты сялянаў да чыноўнікаў розных ведамстваў і узроўняў нічога не далі. У адказ чыноўнікі дасылаюць пісьменна складзеныя адпіскі, але ж, не маючы іншых сродкаў для барацьбы сяляне спадзяюцца, што кропля камень точыць і чыноўнікі нарэшце іх пачуюць.
Здымкі і мантаж: Ларыса Шчыракова