Уважаемые друзья и жители нашего уютного города Мозыря! Добро Пожаловать на официальный блог проекта МОЗЫРЬXXВЕК - это большой и долговременный проект главной целью, которого является поиск и восстановление редких снимков, фотографий, негативов и слайдов нашего города (люди, события, архитектура, природа и т.д.) на протяжении всего XX-го Века.
v

Палессе перад калектывізацыяй вачыма Аркадзя Смоліча


Чым бліжэй знаёмішся з постаццю Аркадзя Смоліча, тым лепш бачны маштаб асобы. 29 верасня споўнілася 125 гадоў з дня яго нараджэння. Прапануем вам урыўкі з дзённіка экспедыцыі, у якой удзельнічаў географ.

Знакаміты беларускі грамадска-палітычны дзеяч і навукоўца, адзін са стваральнікаў Беларускай народнай рэспублікі і Беларускай акадэміі навук за сваё не надта доўгае жыццё паспеў так шмат і адразу ў столькіх накірунках, што дзіву даешся.
У зборах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча захоўваецца некалькі соцень прадметаў, звязаных з Аркадзем Смолічам і яго сям'ёй. Музей Багдановіча захоўвае памяць пра Смоліча, бо паэт і географ сябравалі. Пералічваць усё не мае сэнсу. Нагадаю толькі, што з некаторымі матэрыяламі я ўжо знаёміў чытачоў «Новага часу» (№25 за 2015 год).

Зараз прапаную ўрыўкі з «Дзённіка экспедыцыі для доследу палескае гаспадаркі», якая праходзіла летам 1927 года. Дзённік — гэта рукапіс аб'ёмам у 68 аркушаў вялікага фармату ў дробную клетку, спісаных дробным почыркам. Да рукапісу далучаны 54 невялічкія фотаздымкі (памерам прыкладна 8х11 см). На жаль, захаваліся не ўсе фотаздымкі, ды і ў рукапісе не ўсе аркушы ацалелі.

Дзённік з'яўляецца надзвычайна цікавай крыніцай па паўсядзённым жыцці і побыце сялян Мазырскага Палесся па стане на 1927 год. Шмат у чым ён падобны на этнаграфічныя апісанні, але Аркадзь Смоліч, натуральна, значна больш увагі надзяляе гаспадарцы (эканоміцы) — асноўнай тэме экспедыцыі.

Экспедыцыю праводзіў аддзел сельска-гаспадарчай эканоміі і аграрнай палітыкі Беларускага навукова-даследчага інстытуту сельскай і лясной гаспадаркі. Інстытутам кіраваў Гаўрыла Гарэцкі, а аддзелам — Аркадзь Смоліч. Як пісаў Смоліч у кнізе «Першы год працы Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі», супрацоўнікі аддзела «зрабілі маршрут на конях і вадою па Мазыршчыне працягам каля 400 клм. і дэталёва апісалі гаспадарку ў сямі мясцовасьцях, найбольш характэрных для падрайёнаў, на якія распадаецца Мазыршчына». Апрача Аркадзя Смоліча, у экспедыцыі ўдзельнічалі Аўдакім Ярашчук і Мікіта Лайкоў.

Дык накіруемся ж разам з беларускімі спецыялістамі ад эканамічнай геаграфіі ў Мазыр. Нататак непасрэдна пра Мазыр у дзённіку няма, але ёсць фотаздымкі, знятыя з Прыпяці. У прыватнасці, вельмі каларытны здымак прыстані і навакольнай часткі гораду.



Ад Мазыра экспедыцыя накіравалася ў вёску Бібікі, якая ляжыць у васьмі вёрстах на паўднёвы ўсход ад гораду. Запіс пад назвай «Вёска Бібікі» датаваны 20 ліпеня: «Рэльеф — узгоркі. Ёсьць і равы на полі — у бок Нароўлі 7 равоў, пазарасталі дубняком, вольхай, асінай, грабам, арэшнікам». Да дзённіка экспедыцыі прыкладзены вельмі маляўнічыя здымкі бібікаўскіх яроў. У вёсцы былі цяжкасці з сенам: «Сенажаці мала. […] Сенажаці заўсёды арандуюць у Нараўлянскім раёне і ў Касьцюковічах (вёрст 20 пад Скрыгалаў, над Прыпяццю). […] Цана за пуд добрага сена даходзіць да 50–60 к. Гатовае сена купляюць рэдка, пераважна вясною».

Далей географы паехалі у мястэчка Славечна на мяжы з Украінай (згодна з сучасным адміністрацыйным падзелам, гэта Ельскі раён), а пасля на захад, у вёску Стадолічы. Смоліч натуе: «У м. Славечна — хмызьнякі. Насяленьне нявыразнае нацыянальнасьці. […] Пераехаўшы пешкі ручай уяжжаем у лес — папалам дуб з хвояй». [Фота «Дарога з мястэчка Славечна да вёскі Стадолічы».


У Стадолічах (Лельчыцкі раён) экспедыцыя затрымліваецца, каб падрабязней вывучыць мясцовую гаспадарку. Як і ў іншых месцах, Смоліч апісвае якасць дарог. Развіццё шляхоў зносін надзвычай важна для развіцця гаспадаркі, бо дае доступ да рынкаў: «С. Стадолічы — да Мозыру 75 в., да Лельчыц звычайна 15 в., а вясной і ўвосень едуць на Буйнавічы — 35 в., або чаўнамі. Так бывае месяцы па 1½ — усяго 3 месяцы ў год. Зімою — 12 вёрст. Да ст. Шышкі (ст. Славечна так тут называюць) — 50 вёрст зімою і ўлетку. Бліжэйшыя вёскі — Забродзьдзе 3 в. (зімою 2 в.), Альхова — 7 в., Ручное — 9 в.».

Аркадзя Смоліча паслядоўна цікавіў нацыянальны склад насельніцтва. Гэта не выпадкова — ён быў адным з тых, хто рыхтаваў узбуйненні тэрыторыі БССР 1924 і 1926 гадоў, яму хацелася пераканацца на мясцовасці, што праведзеныя ў Мінску межы паміж Беларуссю і Украінай былі слушнымі: «Насяленьня ўсяго ў Стадолічах 1409 чал., у с/с 1967. У с. Стадолічах граматных 229 (добра граматных у т. л. 181), вучняў 80. У в. Забродзьдзі ў школе 20 чал. У Забродзьдзі каталікі. Але школы і там і там беларускія. Польскай не хацелі. А вось Восаўцы — хацелі польскае школы. Па беларуску усе чытаюць. [...] Нацыянальнасьць беларусы, яўрэяў ёсьць 4 хаты, грузін 1 (шавец), палякаў — ? У Забродзьдзі шляхта каталіцкая. З украінцаў ёсьць прымакі ў в. Ручном».


Ледзь не ў кожнай вёсцы Смоліч збіраў звесткі пра ход хутарызацыі. Як адзін з вядучых спецыялістаў у БССР па сельскай гаспадарцы, Смоліч прыклаў руку да распрацоўкі і папулярызацыі палітыкі перасялення сялян на хутары. Хутарызацыя праводзілася Наркамземам БССР у 1920-я і была спынена ў сувязі з падрыхтоўкай да калектывізацыі. «Хат цяпер у вёсцы з хутарамі 195, у т. л. хутароў 54. За апошні год прыбавілася 4 хаты. У 1919 годзе стварылася тут 30 новых гаспадарак. У вёсцы новых хат не будуюць, а толькі на хутарох. Да вайны хутароў было 7–8».

25 ліпеня экспедыцыя выправілася са Стадолічаў у Петрыкаў, каб адтуль па Прыпяці дабрацца да вёскі Ляскавічы Петрыкаўскага раёна. Смоліч радаваўся поспехам беларусізацыі і распаўсюду асветы: «Школка беларуская з 1923 году. Дзеці цяпер (па беларуску) лепш вучацца. Школа існуе з даўніх часоў. Была царкоўна-прыходзкая, цяпер 2х камплектная. Неграматных у сяле мала — і то найбольш старыя (па 50–60 гадоў). Цяпер усе вучаць дзяцей. Месца хватае. У Петрыкаўскай сямігодцы цяпер вучацца 5–6 чалавек. Перад вайною 3 чал. скончылі гарадзкое вуч. У настаўнікі выйшла 2 чал. У вышэйшых школах ніхто не вучыўся».

Географ звяртае ўвагу і на эміграцыю, і на колькасць інвалідаў, і на тое, як людзі перажылі часы вайны і рэвалюцыі: «Выселілася ў Сыбір 4 сям’і, з іх адна вярнулася. У Амэрыку выехалі 2 яўрэйскія сям’і. Калекі — 1 інвалід вайны (бяз ног), 1 у лесе скалечыўся, 1 нямы, 1 аднавокі. Азяродаў у Ляскавічах няма. Вёска гэты год ужо 3 разы гарэла. У 1919–1921 гадох сядзелі бяз хлеба, мянялі адзежу на хлеб у Случчыне. У Баклані і Брынёве — паравыя млыны. Ярмарка — на Ільлю ў Петрыкове».

Аркадзь Смоліч спадзяецца пачуць ад сялян пра ўкараненне перадавых спосабаў весці гаспадарку, але марна: «У плене было многа гаспадароў. Расказваюць свае ўражаньні аб гаспадарцы, але на практыцы не ўводзяць навін». Навіны не ўводзяць таксама, бо «ўплыву агранома — няма. Аграном раз на два гады бывае».

Перажывае аўтар дзённіка за тое, што сяляне выпісваюць маскоўскія выданні, а арыентаваны на сялян менскі часопіс «Плуг», у распрацоўцы канцэпцыі якога прымаў удзел сам Смоліч, вялікай папулярнасцю не карыстаецца: «Газэты выпісвае чалавек 18, найбольш “Крестьянскую газету”, “Батрак”. Падпіску зьбірае ізбач. Іншыя газэты і “Плуг” ёсьць у хаце чытальні».

Захаваўся зроблены ў Ляскавічах здымак выпасу жывёлы: «Скаціна найбольш пасецца на полі. […] Цяляты ссуць матку цэлае лета. Цялят ⅓ прадаюць. […] Лечыць скаціну мясцовы вэтэрынарны фэльчар. […] Гадоў 40 назад дзяржалі украінскія валы. Іх прыводзілі на ярмаркі ў Петрыкаве. Але стала цесна з выпасам і кормам і зьвялі».


Вярнуўшыся Прыпяццю ў Петрыкаў, экспедыцыя рушыць па зямлі на поўнач, да вёскі Навасёлкі (сёння — Петрыкаўскі раён). Смоліч фіксуе мясцовае вымаўленне: «Навóселкі (або Кузьмічы)». Вёска разбурае прывычны стэрэатып Палесся як вельмі архаічнага і мала закранутага «цывілізацыяй» рэгіёну: «Па дарозе вопратка скрозь крамная. Пачалі яе насіць, як пабудавалі завод у Навасёлках. […] За 2 вярсты завод-пільня. Адкрыты ён у 1908 годзе. Цяпер рабочых 37 чал. Адноўлены працы былі ў 1925 годзе, але згарэў і летась увосень ізноў аднавілі. Рабочыя пэўны ўдзел у сходах прыймаюць. Для сялян завод дае заробкі — возяць на яго сырэц. Матар’ялы возяць іншыя вёскі».

Як і ў некаторых іншых вёсках, Смоліч звяртае ўвагу на асаблівасці мясцовых будаўнічых традыцый Навасёлак: «Хаты. Хат ёсьць каля 300, з саламянай страхой толькі 1, рэшта крыты гонтамі і стружкай (найбольш), дранкаю і дошкамі менш. Хлявы крыты саломай, ёсьць і трэскай. Амшоных хлявоў ёсьць 2–3. Салома з стрэх часта зьдзерта ў бяскорміцу. Надта многа азяродаў». Захаваўся здымак аднаго з двароў у Навасёлках.


Далей экспедыцыя падаецца на ўсход. І вось у вёсцы Цідаў (цяпер — Калінкавіцкі раён) акурат натрапляе на палескую архаіку: «Хаты ў Цідаве досьць бедныя, ёсьць чыста палескага тыпу з нізкімі шчытамі, пакрытыя гнілымі дошкамі. Усе кабеты носяць андаракі. Вельмі пекныя паясы, але дорага хочуць за іх. Кашулі з натыканымі рукавамі, прынесьлі сьвіту белую з вусамі. Вопратка тут запраўды яшчэ жыве. У Казловічах тая самая зьява. [...] Пяшчанымі пералескамі пад’яжджаем к Даманавічам. Спаткалі дзьвёх кабет у поўным строю з гарсэцікам і андараком. Яны ехалі, відаць, да дохтара». З Цідава паходзіць некалькі фотаздымкаў мясцовых жыхароў у традыцыйных строях.



Экспедыцыя рушыла далей — у Мазыр (зноў), у Нароўлю.

Дзённік экспедыцыі, які ў гады сталінскіх рэпрэсій не пабаялася захаваць ўдава географа Алеся Смоліч, распавядае нам пра палескую вёску напярэдадні «вялікага пералому». Спадзяюся, што ён у сваёй паўнаце яшчэ знойдзе свайго чытача — гісторыка, географа ці эканаміста.

Матэрыялы экспедыцыі былі апрацаваныя і рыхтаваліся да друку асобным томам “Нарысы сельскай гаспадаркі Мазырскага Палесься”, у якім пяру Аркадзя Смоліча мусіў належаць артыкул “Нарысы сыстэмы ральніцтва на Палесьсі”. Але, як выглядае, кніга свет не пабачыла. Прынамсі, яе няма ані ў зборах Нацыянальнай бібліятэкі, ані ў бібліяграфічным паказчыку “Летапіс друку Беларусі”. Добра, што ацалелі хаця б чарнавыя матэрыялы.

А ў бліжэйшы час з некаторымі фотаздымкамі, прыкладзенымі да дзённіка, можна будзе пазнаёміцца беспасярэдне на выставе “Аркадзь Смоліч. Жыццё за Беларусь…”, якая адчыніцца ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча 4 кастрычніка.