Уважаемые друзья и жители нашего уютного города Мозыря! Добро Пожаловать на официальный блог проекта МОЗЫРЬXXВЕК - это большой и долговременный проект главной целью, которого является поиск и восстановление редких снимков, фотографий, негативов и слайдов нашего города (люди, события, архитектура, природа и т.д.) на протяжении всего XX-го Века.
v

Сацыяльна-эканамічнае развіццё пасляваеннага Мазыра паводле архіўных звестак


Галоўнымі крыніцамі вывучэння сацыяльна-эканамічнага становішча Мазыра пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з’яўляюцца матэрыялы занальнага дзяржаўнага архіва ў Мазыры, у першую чаргу, пратаколы пасяджэнняў выканаўчага камітэта гарадскога Савета дэпутатаў працоўных і перыядычны друк — газеты “Большэвік Палесся” і “Зара”. Яны дазваляюць прасачыць шляхі і сродкі вырашэння сацыяльна-эканамічных праблем горада ў час аднаўлення гаспадаркі, акрэсліць стан дабрабыту і найбольш вострыя пытанні паўсядзённага жыщя мазыран.


На працягу другой паловы 40-х — 50-х гг. найважнейшымі задачамі гарадскіх улад Мазыра заставаліся забеспячэнне насельніцтва жыллём і харчаваннем, аднаўленне працы прадпрыемстваў горада і навучальных устаноў, падтрыманне санітарных умоў жыцця і працы.

Першачарговага вырашэння патрабавалі задачы размініравання і ачысткі вуліц горада ад смецця, рамонт будынкаў, дарог і мастоў. Так, на пасяджэнні Мазырскага гарвыканкама ад 11 жніўня 1945 г. (пратакол № 18) паведамлялася аб заканчэнні размініравання і збору трафейнай зброі на тэрыторыі Мазыра сіламі абласнога Асаавіяхіма (Таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву), было ліквідавана 350 выбухованебяспечных адзінак і 300 артылерыйскіх снарадаў [1, 226].

Хуткаму аднаўленню гаспадаркі ў горадзе садзейнічалі рэгулярныя “воскресники”, для арганізацыі працы якіх утвараліся вулічныя камітэты. Яны адказвалі за ачыстку вуліц ад смецця, проціпажарную бяспеку, падпіску на дзяржаўную грашовую пазыку (аблігацыі), выдавалі працоўныя лісткі. Паміж прадпрыемствамі Мазыра праводзілася сацыялістычнае спаборніцтва па аднаўленні горада, па выніках якога пераможцы атрымлівалі прэмію. Да канца лістапада 1945 г. было адрамантавана 2 масты па вул. Кімбараўка [2, 433].

Даволі цяжкімі былі ўмовы паўсядзённага жыцця насельніцтва: недахоп звычайных рэчаў — бялізны, адзення, абутку, прадуктаў харчавання, паліва.

Такія жыццёвыя складанасці яскрава адлюстроўваюцца ў пратаколах пасяджэнняў Мазырскага гарвыканкама, асабліва пры вырашэнні праблем забеспячэння выхаванцаў дзіцячага дома і прыёмніка НКУС. У жніўні 1945 г. (ужо ўзгаданы пратакол № 18) санітарна-эпідэміялагічная сітуацыя ў дзіцячым доме заставалася складанай — выяўлена 33 выпадкі стрыгучага лішаю, недахоп пасцельных рэчаў і нацельнай бялізны, рушнікоў. Для за­беспячэння харчаваннем дзяцей была створана падсобная гаспадарка, якая налічвала 3 кані, 6 кароў (2 дойныя), 11 свіней, 14 курэй, засеяна 2 га грэчкі, 2,5 га бульбы, 1 га агародніны, скошана 12 га і нарыхтавана 8 тон сена [1, 233].

Значныя аб’ёмы пасеваў былі абумоўлены вялікай колькасцю выхаванцаў. Калі патрэбы дзіцячага дома ў Кімбараўцы больш-менш задавальняліся, то гэтага нельга сказаць аб беспрытульных дзецях, якія траплялі ў прыёмнік.

У пачатку кастрычніка 1945 г. у парадку дня гарвыканкама было пытанне аб умовах жыцця ў дзіцячым прыёмніку НКУС (пратакол № 22), якія былі нездавальняючымі — “дети грязные, недостаток верхней одежды, нательного белья и обуви для воспитанников, овощами на зимний период не обеспечены, разбазаривание продуктов, необходимо организовать контроль за выдачей продуктов, дежурство при получении и закладке продуктов в котлы” [1, 316].

На пасяджэннях гарвыканкама таксама неаднойчы абмяркоўвалася праблема працы гарадской лазні. Так, нават у рэспубліканскім друку (газета “Звязда” ад 16 студзеня 1945 г.) крытыкавалася яе нездавальняючая праца (атрыкул “Дзе мазыраніну памыцца?”). У сувязі з гэтым абмяркоўвалася праблема нарыхтоўкі дроў для мазырскай лазні [1, 15].

Пратакол № 19 ад 23 жніўня 1945 г. устанаўліваў расцэнкі за карыстанне лазняй:

Агульная лазня для дарослых за 1 чалавека — 1 рубель;

Агульная лазня для дзяцей да 5-гадовага ўзросту — 50 капеек;

Агульная лазня для дзяцей старэй 5 гадоў — 1 рубель;

Парная лазня для дарослых за 1 чалавека — 1 рубель;

Венік у парную лазню (1 адзінка) — 1 рубель [1, 263].

Для забеспячэння жыллём дэмабілізаваных з арміі гарадскія ўлады вырашылі размясціць у доме № 41 па вул. Розы Люксембург, пабудаваным пад час акупацыі, інтэрнат [1, 316].

Першы ток мазырская электрастанцыя дала ў лістападзе 1945 г., аднак існавала абмежаванне на карыстанне электраэнергіяй. Напрыклад, забаранялася ўключаць лямпачкі больш за 40 ватт на прадпрыемствах і больш за 25 ватт — у кватэрах, што сведчыла аб недастатковай матэрыльна-тэхнічнай базе прадпрыемстваў горада [1, 430].

Вяртанне да мірнага жыцця адбывалася складана, дзякуючы працоўнаму энтузіязму мазыран. На працягу 1948 — вясны 1949 гг. на разбуранай у час вайны мэблевай фабрыцы “Прафінтэрн” было ўстаноўлена новае абсталяванне. Зімой 1948 — 1949 гг. быў адноўлены Мазырскі чыгуначны мост, па якім 1 сакавіка 1949 г. прайшоў першы поезд.

У Мазыры ў 1950 г. працавала 20 прадпрыемстваў: электрастанцыя, арцелі “Чырвоны швейнік”, “Наперад”, металаапрацоўчая “Молат”, “Аб’яднаная праца”, трыкатажная “імя Н. К. Крупскай”, мэблевая і швейная фабрыкі, рыбны, хлебны, піваварны заводы, лесакамбінат “Пхоў” і інш.

Надзённай заставалася задача арганізацыі працы навучальных устаноў горада, падрыхтоўкі педагагічных кадраў і пашырэння сярэдняй і сярэднеспецыяльнай адукацыі. Так, на 4 лютага 1945 г. у Мазыры існавала 9 школ, з іх пачатковых — 4 (камплектаў з 1 па 4 класы — 24), сямігадовых — 3 (камплектаў з 1 па 4 класы — 25; з 5 па 7 класы — 15), сярэдніх — 2 (камплектаў з 1 па 4 класы — 14; камплектаў 8-10 класы — 6).

На 22 ліпеня 1945 г. у пратаколе № 14 пасяджэння гарвыканкама паведамлялася, што вучняў у 1944-1945 навучальным годзе налічвалася 2122, з іх у пачатковых класах — 1580, сярэдніх школ — 1, сямігадовых — 3, пачатковых — 4 [1, 102].

Адной з самых вострых праблем да сярэдзіны 50-х гг. заставалася праблема падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў. Напрыклад, для забеспячэння вучэбнага працэсу ў 1953-1954 навучальным годзе педагагічнаму інстытуту патрабавалася 16 выкладчыкаў [3, 24].

22 ліпеня 1952 г. Савет Міністраў прыняў пастанову аб рэарганізацыі настаўніцкага інстытута ў Мазырскі дзяржаўны педагагічны. У ім былі наступныя кафедры: марксізма-ленінізма, педагогікі і псіхалогіі, рускай і беларускай моў, фізікі і матэматыкі, гісторыі, прыродазнаўства і геаграфіі. У гэтым жа годзе пачалося будаўніцтва новага вучэбнага корпуса для вышэйшай навучальнай установы ў горадзе.

А 33 і 34 нумары за 1955 г. (18 і 20 сакавіка) раённай газеты “Зара” на першых старонках паведамляюць аб адкрыцці новага корпуса педагагічнага інстытута. 17 сакавіка адбыўся мітынг, прысвечаны адкрыццю будынка інстытута, на якім выступілі “дырэктар інтытута тав. Эльман, сакратар гаркома партыі тав. Дворак, упраўляючы будтрэста № 13 тав. Баровіч, студэнт — сталінскі стыпендыят Дударэнка… стужку перарэзаў старшы выкладчык Іван Васільевіч Пісарчык” [4].

“У 1955 г. на двух факультэтах: літаратурным і фізіка-матэматычным займалася 640 студэнтаў, на завочным аддзяленні 500 чалавек” [5]. “У новым будынку працавалі 3 аўдыторыі — залы для “зводных лекцый”, кабінеты і лабараторыі розных аддзелаў фізікі. Абсталяваны кабінет марксізма-ленінізма, хутка пачне працаваць бібліятэка і чытальная зала, кабінеты педагогікі, рускай і беларускай літаратуры, рускай і беларускай мовы, матэматыкі. У 1955-1956 навучальным годзе будзе абсталявана вялікая спартыўная зала… У інстытуце працуюць харавы, драматычны, танцавальны гурткі, гурткі сольных спеваў і мастацкага слова, у іх займаюцца 107 юнакоў” [6]. Рашэннем Мазырскага гарадскога выканаўчага камітэта ў сакавіку 1955 г. вуліца Рамашоў роў была перайменавана ў Студэнцкую [7].

У гэты час у горадзе таксама працавалі медыцынскае вучылішча, музычная школа і 9 сярэдніх школ. У красавіку 1955 г. адбыўся першы выпуск школы механізатараў [8].

Газета “Зара” ад 5 жніўня 1955 г. адзначала, што ў Мазыры працавала завочная сярэдняя школа (5-10 класы) для моладзі ад 16 гадоў, якая размяшчалася па вул. Камсамольскай. Вучням, скончыўшым 7 класаў школы, выдавалася пасведчанне аб атрыманні няпоўнай сярэдняй адукацыі, скончыўшым 10 класаў — атэстат сталасці [9].

Аб даволі значных поспехах у аднаўленні гаспадаркл ў 50-я гг. таксама сведчыць “Зара”. У параўнанні з 1945 г., мазырская электрастанцыя ў 1954 г. вырабляла ў 10 разоў больш электраэнергіі. У гэтым жа 1954 г. было пачата будаўніцтва завода жалезабетонных канструкцый [10].

За пасляваенны час у горадзе пабудавана 45 тыс. м. кв. жылой плошчы, у тым ліку чатырохпавярховы дом па вуліцы Рамашоў Роў, інтэрнат будаўнічага трэста па вул. Пушкінскай, 20-кватэрны дом па вул. Розы Люксембург.

Нягледзячы на значныя тэмпы будаўніцтва жылля, праблема вырашалася вельмі марудна, таму ў 1954 г. было прынята рашэнне аб перадачы лішняй плошчы, што займалі райвыканкам, гарсавет, рэдакцыя газеты, гарадскі камітэт ЛКСМБ, у жыллёвы фонд горада.

У 1952 г. у Мазыры налічвалася 38 вуліц, 9 завулкаў і плошча Леніна. Некаторыя з вуліц назаўсёды зніклі з карты горада ці перайменаваны, з’явіліся новыя. Так, вуліцы Карла Лібкнехта і Розы Люксембург утварылі сучасную вул. Савецкую ад Прымаставой плошчы да вул. Г огаля.

К сярэдзіне 50-х гг. былі пабудаваны новыя вуліцы: Экскаватарная, Прамысловая, Нова-Сацыялістычная, Высокая. Павялічылася працягласць Камуністычнай, Першамайскай, Інтэрнацыянальнай вуліц. У раёне двух апошніх з’явіліся новыя жылыя кварталы. У 1954 г. пабудавана набярэжная — ад рачной прыстані да маставой пераправы. Таксама пабудаваны 4 жалезабетонныя масты праз рвы [10]. У 1955 г. пачалося будаўніцтва новага жалезабетоннага маста праз Прыпяць — буйнейшага па працягласці ў рэспубліцы — 20 апор і 18 пралётаў.

У планах галоўнага архітэктара на другую палову 50-х гг. пазначалася: “на цэнтральнай плошчы, перад паркам “Перамога” зрабіць галоўным будынкам заатэхнічны тэхнікум з даўжынёй фасаду 98 м. Па вул. Леніна будуць знесены будынкі гарадской бібліятэкі і дзіцячага сада і на іх месцы пабудаваны чатырохпавярховы жылы дом швейнай фабрыкі даўжыней 85 м” [10].

На пачатак 1955 г. у Мазыры працавалі драматычны тэатр, кінатэатр “Радзіма”, Дом культуры, клубы, краязнаўчы музей, парк “Перамога”, стадыён “Спартак”, Дом піянераў, станцыя юннатаў, юнацкая спартыўная школа [10]. Адкрыта новая аптэка па вул. Пралетарская, 86 [11].

Выдзеленых дзяржавай сродкаў на добраўпарадкаванне гарадоў не хапала, магчыма таму Мазырскі гарвыканкам 1 снежня 1956 г. прыняў рашэнне аб увядзенні разавага падатку на ўладальнікаў транспартных сродкаў і ўласнікаў жывёлы на тэрыторыі горада:

аўтамабілі і маторныя лодкі з кожнай конскай сілы — 15 рублёў;
матацыклы з кожнай конскай сілы — 7 рублёў;
веласіпед — 7 рублёў;
лодкі, якія выкарыстоўваліся ў якасці “промысла” для перавозкі людзей — 30 рублёў, у астатніх выпадках — 7 рублёў;
коні, што выкарыстоўваліся для “ізвозу” — 150 рублёў;
каровы — 30 рублёў;
быкі і валы старэй 2,5 гадоў для “ізвозу” — 50 рублёў.
Ад падатку вызваляліся грамадзяне, якія плацілі сельскагаспадарчы падатак, інваліды Вялікай Айчыннай вайны, удовы і сіроты. Значная частка гэтых грошай затрымалася ў гарадскім бюджэце, пайшла на добраўпарадкаванне Мазыра.

У 1957 г. у горадзе было 24 прамысловых і 7 транспартных прадпрыемстваў, 3 будаўнічыя арганізацыі, на іх працавала больш 9 тыс. чалавек. К сярэдзіне 60-х гг. былі пабудаваны: завод меліярацыйных машын, завод “Мазыркабель” і завод жалезабетонных канструкцый, швейная фабрыка, фабрыка “Радзіма”, будт рэст № 6, 3 аўтабазы, дзе было занята каля 20 тыс. рабочых і служачых.

Калі меркаваць аб прынятых гарадскім выканаўчым камітэтам рашэннях, у другой палове 50-х гг. сацыяльна-бытавыя ўмовы жыцця мазыран былі складанымі, і многія праблемы заставаліся нявырашанымі. Першачатковымі задачамі савецкай дзяржавы былі аднаўленне народнай гаспадаркі і павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці, а клопат аб чалавеку быў другарадным. Сярод такіх пастаноў можна назваць: “Аб захаванні чысціні і парадку у г. Мазыры”, “Аб устанаўленні месцаў гандлю прадуктамі харчавання і іншымі таварамі”, “Аб упарадкаванні гандлю гарэлкай прадпрыемствамі гандлю і грамадскага харчавання”, “Аб мерах па паляпшэнні бытавога абслугоўвання насельніцтва горада і раёна”.

Газета “Зара” ад 17 сакавіка 1960 г. надрукавала на сваіх старонках праграму развіцця горада па наступных накірунках: жыллёвае будаўніцтва, культурна-бытавое будаўніцтва (сталовая, кафэ, рамеснае вучылішча па вул. Чапаева, клуб, сярэдняя школа па вул. Пушкіна, 4 дзіцячыя садкі на 375 месцаў), будаўніцтва каналізацыі і водаправода, 20 водаразборных калонак, будаўніцтва дарог і тратуараў, іншае добраўпарадкаванне горада. У сувязі з гэтым гарвыканкам прыняў рашэнне аб адпрацоўцы кожным працоўным горада на добраўпарадкаванні не менш 10 гадзін, аб арганізацыі спаборніцтва камсамольскіх арганізацый, правядзенні сходаў вулічных і дамавых камітэтаў па гэтым пытанні [12, 226-227].

Поспехі сацыяльна-эканамічнага развіцця пасляваеннага Мазыра былі відавочнымі, асабліва, калі параўнаць колькасць насельніцтва адразу пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў пачатку 60-х гг. (4700 жыхароў, амаль палову іх складалі дзеці). Аднак даволі складана вырашалася жыллёвая праблема. У 1956 г. жыллёвы фонд Мазыра складаў 107 тыс. кв. м на кожнага жыхара прыходзілася каля 4 кв. м Часткова гэта пытанне вырашалася за кошт індывідуальнай забудовы. Да 1960 г. агульная жылая плошча горада налічвала 157 тыс. кв. м [12, 216].

Такім чынам, сацыяльна-эканамічны стан Мазыра ў час аднаўлення гаспадаркі вызначаўся пэўнымі дасягненнямі і цяжкасцямі, выкліканымі недастатковай матэрыяльна-тэхнічнай базай, вялікімі разбурэннямі.

Адносна хуткае аднаўленне горада тлумачыцца працоўным гераізмам гараджан і матэрыяльнай дапамогай іншых рэгіёнаў Савецкага Саюза.

Літаратура
Занальны дзяржаўны архіў Мазыла. (ЗДАМ). Ф. 172. — Воп. 2. — Спр. 8.
ЗДАМ. Ф. 172. — Воп. 2. — Спр. 41.
ЗДАМ. Ф. 1149. — Воп. 1. — Спр. 14.
З наваселлем, дарапя сябры // Зара. — 1955. — 18 сак. — С. 2.
Педагагічны інстытут // Зара. — 1955. — 20 сак. — С. 1.
Эльман, А. Каштоў ны падарунак / А. Эльман, дырэктар педагагічнага інстытута // Зара. — 1955. — 20 сак. — С. 2.
Ганчарова, В. Па гораду Мазыру. Вуліца Студэнцкая / В. Ганчарова // Зара. — 1955. — 20 сак. — С. 3.
Ісакаў, М. Маладыя спецыялісты / М. Ісакаў, выкладчык школы // Зара. — 1955. — 8 крас. — С. 3.
Заочная сярэдняя школа г. Мазыра аб’яўляе прыём навучэнцаў // Зара. — 1955. — 5 жніўня. — С. 4.
Бурлачэнка, М. З кожным годам прыгажэе Мазыр / М. Бурлачэнка, галоўны архітэктар горада // Зара. — 1955. — 6 лют. — С. 2.
Аб’ява Галоўнага абласнога ўпраўлення. Новая аптэка 34 // Зара. — 1955. — 16 сак. — С. 4.
Бобр, А. Г. Послевоенный период / А. Г. Бобр // Мазыр: гісторыя і сучаснасць / рэдкал.: С. В. Целепень (адк. рэд.) [і інш.]. — Гомель: КВПУП “Сож”, 2005. — 352 с.
Аўтар: А.Я. Барсук
Крыніца: Слово. Текст. Социум : сборник научных трудов преподавателей филологического факультета / Министерство образования Республики Беларусь, Учреждение образования «Мозырский государственный педагогический университет имени И. П. Шамякина» ; [редколлегия: Л. В. Исмайлова (ответственный редактор) и др.]. — Мозырь : МГПУ им. И. П. Шамякина, 2011. — С. 199—204.