Школа мае цікавую і багатую гісторыю, якая пачыныецца аж з 1863 года, калі ў мястэчку Скрыгалаў было адкрыта земскае народнае вучылішча. Вучылішчам кіраваў законанастаўнік праваслаўнага вераспавядання, свяшчэннік Васіль Іванавіч Завітневіч. У 1877 – 1878 навучальным годзе ў Скрыгалаўскім народным вучылішчы вучылася толькі 27 дзяцей, з іх 2 дзяўчынкі.
З 1898 года на працягу 60 гадоў настаўнікам у школе працаваў Канстанцін Міхайлавіч Захар’яш. Канстанцін Міхайлавіч не толькі вучыў дзяцей, адпраўляў іх у вялікую жыццёвую дарогу, але і праводзіў работу з бацькамі, грамадскімі арганізацыямі, удзельнічаў у жыцці вёскі.
У 1932 годзе ў вёсцы адкрылася сямігадовая школа і школа рабоча-сяляскай моладзі, дзе, акрамя навучання, рыхтавалі справаводаў для калгасаў.
У 1935 годзе школа была пераўтворана ў Скрыгалаўскую сярэднюю, і да Вялікай Айчыннай вайны ў ёй адбылося тры выпускі, атэстаты сталасці атрымалі больш за 100 вучняў. Школа была не толькі адукацыйным цэнтрам у рэгіёне. Настаўнікі вялі сярод насельніцтва і пэўную культпрасветную работу. Так, напрыклад, пры школе быў арганізаваны струнны гурток з вучняў і настаўнікаў, у якім было 30 чалавек.
У 1941 – 1944 гады ў вёсцы школа не працавала. Скрыгалаў быў акупіраваны фашыстамі, у памяшканні школы была канюшня, дзе стаялі коні нямецкіх салдат. Аднак немцы, ведаючы, што ў вёсцы засталася настаўніца (гэта была Таццяна Міканораўна Прысада), прапанавалі ёй пачаць заняткі з дзецьмі. "Каб вучыць дзяцей пры немцах, трэба самому быць немцам, а я савецкі чалавек. Мой муж на фронце змагаецца з ворагам, і я буду вучыць дзяцей любіць сваю Радзіму, свой народ, буду гаварыць пра нашу перамогу. Хоць мяне расстраляйце – не згаджуся!», - такім быў адказ маладой настаўніцы. Каб пазбегнуць пераследу, Таццяна Міканораўна з малым сынам Шурам уцякла ў лес на курані, дзе хаваліся многія людзі. Калі Савецкія войскі вызвалілі Мазыршчыну ад фашысцкіх захопнікаў, Таццяна Міканораўна сабрала дзяцей, бацькоў, і ўсе разам прыступілі да аднаўлення школы.
1 верасня 1944 года Скрыгалаўская сярэдняя школа адчыніла дзверы для вучняў. Дырэктарам была назначана Таццяна Міканораўна Прысада. Умовы для работы і вучобы былі складаныя: не было падручнікаў, сшыткаў, ручак і алоўкаў. Не раз Таццяне Міканораўне прыходзілася пешшу хадзіць у Мазыр, каб атрымаць выдзеленыя ў аддзеле адукацыі прылады, неабходныя для вучобы.
Настаўнікамі ў школе працавалі былыя перадваенныя выпускнікі, якія не паспелі з-за вайны скончыць педагагічны інстытут: Пікуза Надзея Міхайлаўна, Курмаз Наталля Міканораўна, Агалец Паліна Пятроўна, Падзіла Вера Антонаўна. Зведаўшы ўсе цяжкасці і выпрабаванні вайны, каб вучыць дзяцей вярнуліся Агалец Васіль Міхайлавіч, Каласоўскі Канстанцін Лукіч, Прысада Рыгор Рыгоравіч, Прыходзька Васіль Федаравіч, Агалец Надзея Міхайлаўна, Астроўская Лідзія Аляксандраўна, Галіноўскі Рыгор Фёдаравіч.
З 1947 года школу ўзначальваў Прысада Рыгор Рыгоравіч.
У 1954 годзе адбыўся першы пасляваенны выпуск Скрыгалаўскай сярэдняй школы. У гэтай школе вучыліся дзеці з 1952 па 1976 год.
У 1976 годзе настаўнікі і вучні Скрыгалаўскай сярэдняй школы перайшлі ў новы трохпавярховы тыпавы будынак, дзе былі створаны ўсе ўмовы для вучобы, развіцця і выхавання вучняў.